Чэрвень – летняга часу краса
Травы пахнуць кветкамі,
Кветкі пахнуць зорамі,
Зоры над палеткамі –
Лесам і азёрамі.
I наўсцяж краінаю,
Радасць услаўляючы,
Песні салаўіныя
Льюцца не сціхаючы.
П. Глебка
Адкуль пайшла назва месяца?
Чэрвень – першы месяц лета. Ёсць меркаванне, што сваё незвычайнае найменне месяц атрымаў з-за мноства чарвякоў, якіх акурат у гэты час можна ўбачыць на зямлі і дрэвах. Аднак пасля вясны ў вуллях з’яўляецца і шмат лічынак маладых пчол – чарвы. Можна лічыць, што менавіта чарва і дала назву самаму багатаму на кветкі месяцу года – чэрвеню. Акрамя таго, беларусы здаўна шануюць чырвоны колер. Каб здабыць чырвоную фарбу, нашы далёкія продкі збіралі на пачатку лета асаблівых насякомых – чарвяцоў. Выраз "чэрвлен сцяг" азначае 'сцяг, пафарбаваны ў чырвоны колер'. Як бачым, адсюль таксама магла ўзнікнуць назва месяца.
Чэрвень-крэснік высякае вогненныя іскры, і на квітнеючую зямлю падае "чэрвлены" (чырвоны) колер. Пачынае чырванець вішня, чырвоныя бакі паказваюць суніцы, расцвітаюць чырвоным і ружовым шыпшына, канюшына, лугавая герань, мак.
Травы ў бляску серабра.
Спелай чырванню над борам
Разгарэлася зара.
Колькі радасных мелодый
Празвініць каля крыніц!
Чэрвень – месяц насалоды –
Пахне мёдам ад суніц.
Цеплыня і сонца зрана,
Промень пырснуў
з-за камля,
I ля хвоі нечакана
Заіскрылася зямля.
I палянкі ўсе па часе
Заірдзеліся кругом –
То зара тут пралілася
Спелай чырвані дажджом.
Ціха плешчуцца крыніцы.
Хоры дзіўныя ў бары.
I гараць, гараць суніцы,
Быццам кропелькі зары.
В. Гардзей
Азбука народнай мудрасці
Чэрвеньскія прыкметы
- Туманна ў нізіне – дзень прынясе непагадзь у карзіне.
- У чэрвені многа аваднёў – будзе добры ўраджай агуркоў.
- Вецер дзьме з мокрага месца (балота, возера) – чакай непагоды.
- Многа ягад – да дрэннага ўраджаю жыта.
- Калі карова ідзе і ў роце траву нясе – будзе дождж. Вясёлка пад вечар – на добрае надвор’е.
- Куры цярэбяцца і ў пяску купаюцца – на дождж.
- Якая чэрвеньская вячэрняя зорка – такі і другі дзень будзе.
Комментариев нет:
Отправить комментарий