Ліпень – цёплага лета зеніт
У хусцінцы васільковай
Ходзіць лета па палях,
Па расквечаных лугах,
Звоніць песняй жаўруковай,
Кожны дзень званчэйшай, новай.
Дбайна сонечнае лета
Спеліць ягады дпя дзетак.
Любіць з імі забаўляцца,
Загараць, спяваць, купацца.
Дораць дзеці лету ўсмешкі,
Гульні, песні і пацешкі,
А расчуленае лета
Дорыць ім букеты кветак.
Н. Галіноўская
Ліпень – самы цёплы месяц года. Гэта макаўка лета, свята сонца, чырвонае лета, калі варыць, парыць, дыхнуць не дае, яго сярэдзіна: справа – лета і злева – лета. Толькі што мінулі самыя кароткія ночы, калі зара з зарой сыходзіцца, бо вячэрняя непрыкметна пераходзіць у ранішнюю. Ліпеньская раніца надыходзіць сапраўды рана. Сонца паступова паварочвае да зімы, а лета – да гарачыні.
У поўдзень на бляклым выцвілым небе аніяк не можа скрануцца з месца спякотнае сонца. Яно нібы замерла. Усё вакол патанула ў нерухомым і сляпучым бляску. Паветра плавіцца ад гарачыні. Разамлела зямля, быццам выхаплены з печы бохан хлеба, дыхае жарам. На дрэвах і кустах не варухнецца ні лісцік, ні галінка. Паніклі лопухі і крапіва, абвяў бульбоўнік. Пазбіраліся бліжэй да рэчкі жабы, пахаваліся ў гнёздах буслы. У цяньку разяўленымі дзюбамі хекаюць асалавелыя куры. Сабакі, высалапіўшы язык, не тое што брахаць, лянуюцца варухнуць хвастом.
Як ні дзіўна, але ліпень і самы дажджлівы месяц. Дождж праходзіць часцей у выглядзе кароценькіх, але моцных ліўняў. Дзень пакрыху меншае, але цяпло не спадае. Ліпень гаручы, але даручы – заўважае прыказка.
Адкуль пайшла назва месяца?
Пад вечар ліпы зацвілі.
Куды да іх язміну й ружы –
Па ўсім сяле, па ўсёй зямлі
Непераможны водар кружыць.
Суквеццяў вабных – незлічона,
А ў іх нектар, як мёд, густы.
I залатыя вязнуць пчолы
У жоўтым водары крутым.
I ў ціхай вёсачцы палескай
Ліповы дух у цэлафан
Збірае цётка з хісткіх лесак...
Ёй ліпень твар зацалаваў.
Хв. Гурыновіч
Ліпеньскія прыкметы
- Кветкі мацней пахнуць перад дажджом.
- Ластаўкі нізка лётаюць – будзе дождж.
- Глухі гром – да ціхага дажджу, гулкі – да навальніцы.
- Калі на Самсона (10.07) дождж – сем тыдняў дождж.
- Духата пасля поўдня – будзе навальніца.
- Вячэрняя раса ў ліпені – да яснай раніцы.
Што адбываецца ў прыродзе?
Вершы пра лета
Чытаем разам
Крыжаванка "Дрэвы і кусты"
Комментариев нет:
Отправить комментарий