Красавік ідзе з пралескамі …
Ручаёк удаль пабег.
I адкуль бярэцца сіла?
На шляху яму ўсё міла.
Вось імчыцца праз лужок,
Там стаіць яшчэ стажок.
Павярнуў – і ў абыход,
Злізвае апошні лёд,
А ракітаву галінку
Гушкае нібы пушынку.
I бурліць сабе, бурліць
I штораз хутчэй бяжыць...
Н. Карней
Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Як многа гэтых дарог і як разнастайны яны ў сваім руху і ў сіле свайго імкнення! Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-рачулках, што пракладаюць пуціны вясне і адноўленаму жыццю на зямлі, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ўпачатку, струменяцца яны, як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі, набываючы сілу з кожным часам, з кожным крокам руху наперад. I колькі перашкод, колькі нечаканасцей у іх падарожжы! Але яны бягуць несціхана, бягуць безупынна, дзе шпарчэй, дзе павольна, абыходзячы перашкоды ці проста зносячы іх з свае дарогі, бягуць, покі не сальюцца ў бурлівыя патокі. Покі не ачысцяць зямлю ад снягоў, каб магутным разводдзем пралажыць шырокі шлях для новага жыцця.
Я. Колас
Адкуль пайшла назва месяца?
Красавік, ён з весняй ласкі
Разбудзіў усюды краскі:
Сон-траву, пралескі, лотаць –
Будзе радасць пчолкам лётаць.
М. Чарняўскі
Хутка крочыць красавік. Абуджаюцца расліны, на дрэвах і кустах пачынаюць набрыняць пупышкі. На праталінах з’яўляецца першая траўка. Прарастае насенне аднагадовых раслін і зацвітаюць ранаквітнеючыя: падбел, блакітныя пралескі, медуніца – і становіцца красавік рознакаляровым! Менавіта з-за багацця кветак і красак атрымаў ён сваё прыгожае імя. Наўкол усё ўсміхаецца – ах, як хораша птушкам спяваецца! Смяецца, усіх запрашае да сябе ў госці вясёлы красавік!
Красавіцкія прыкметы
- Запыліла ў красавіку вольха – канец снягам.
- Калі красавік красны – будзе жыта ўдачнае.
- Красавік халодны і ветраны – можа ўсё прапасці на палях.
- У красавіку ясныя ночы заканчваюцца замаразкамі.
- Птушкі ў красавіку гнёзды ўюць на паўднёвым баку дрэва – да халоднага лета, на паўночным – да цёплага.
- У красавіку вада на лузе – будзе сена ўстозе.
Віктарына "Дрэвы"
Комментариев нет:
Отправить комментарий