Жнівень



Ходзіць нівай 
Жнівень дбайны…


...Па-над роднай зямлёй
Стаяла цішыня.
Быў вакол спакой.
У люстрах рэк пялёсткі зараніц
Плылі павольна; на палях жыты
Купаліся ў тумане; пах суніц,
Як мора, разліваўся па лясах...
                                  К. Кірэенка


   У апошняга месяца лета шмат прыкмет: сцюдзёныя ранкі, пах кропу і бульбоўніку, першае апалае лісце. Сцелецца туман – і адчуваеш: прыйшоў жнівень, час паміж летам і восенню...
   Здаецца, навокал нічога не змянілася. Неба па-ранейшаму высокае і сіняе. Жнівеньскае сонца спяшаецца аддаць прыродзе і людзям сваю цеплыню і ласку. Яно свеціць нібыта ярчэй, чым нават у ліпені ці чэрвені, аднак асаблівай спякоты няма, хоць ветрык дыхае ў поўдзень з палеткаў гарачынёй. Вечарам і раніцай трава не надта выпростваецца з-пад буйной краплістай расы. Да палудня – лета, пасля палудня – восень. Ноччу дружна высыпаюць зоры, і ўжо можна вызначыць Млечны Шлях – птушыную дарогу ў вырай.
   Маладым ранкам, калі нябачнае яшчэ сонца выдае сябе маленькай барвінкай-воблачкам на ўсходзе, зрушыць, скранецца пасля начной спячкі, заклубіцца, бы яго хто ўзмуціў, нават прыўзнімецца над невысокім, у чалавека, бярэзнікам і пнішчам туман. Кажуць, ён збірае ўсе пахі лесу і раніцы і нясе іх да вёсак, бо заўжды спаўзае на лагі і прыгуменні, мусіць застацца дняваць у вяршынях пераспелага алешніку і калючых ялін.
   Вось тады і дрыжыць-трапечацца лістота, цяжка ёй расстацца з тымі мроямі-казкамі, якія баялі ёй уначы туманы. Бо як зрушаць бялёсыя начлежнікі і праз мітуслівы свет дзівосна скрыўленых прыродай ствалоў балотнага лесу пральецца сонца, ажывае ветрык... Лета канчаецца.
   Ночы становяцца даўжэйшыя ды цямнейшыя. Канчаецца жніво. Асядаюць цяжкія туманы, часам хвошчуць дажджы, дзьмуць халодныя вятры. Пачынаюцца першыя прымаразкі. Пахне восенню.



Адкуль пайшла назва месяца?

Лета заканчваецца, а работы шмат: трэба касіць, жаць, сеяць азімыя.
Жніўня ведаеш турботу?
Жне, малоціць аж да поту!
Загарэлы, як заўжды, –
3 сонцам дружны ўсе гады.
Як асцё, тырчаць вусы.
Ці вусы? Ці каласы?
Дзень і ноч
Ён мала спіць –
Трэба ўсюды ўсё ўхапіць:
Тут – дажаць,
А там – зажаць, –
Грэх у час такі ляжаць!
Ды не хмурыцца сярдзіта,
Замаўлянак поўна сіта:
– Сыпся, збожжайка, як медзь,
Едзь на ток,
Едзь, едзь!
Ні сушылася дзе б,
Помні: ты –
Хлеб, хлеб!
Помні: ты –
Дар, дар!
На стале ўладар!..
Ходзіць нівай Жнівень дбайны.
Ёсць памочнікі – камбайны.
                            М. Чарняўскі


   У беларускім найменні жнівень адлюстроўваецца напружаны час збору ўраджаю. На агародах пачынаюць збіраць "другі хлеб" – бульбу. Убіраюць рэпу, моркву і іншую агародніну.
   Жнівень – густар-густаед, жыцень, разнасол, ленарост, багацей – час багацця, дастатку. У народзе казалі: "Бульба ў чыгуне густая, каша пульхная, а гушча вялікая". Старажытныя найменні месяца – зарнічнік, зарнік – паходзяць, мусіць, ад слова "зорыць" (спець) ці ад ясных зорак і яркіх зарніц, на якія багаты гэты час.


 



Жнівеньскія прыкметы
  • Дождж на Іллю – вялікі ўраджай жыта на наступны год.
  • Калі на Іллю дождж, то сорак дзён будзе то ж.
  • Адсырэла падсохлае сена на лузе – быць дажджу.
  • Калі павуцінне рассцілаецца па раслінах – чакай цяпла і яснай восені.
  • Калі жнівеньскі дзень пахмурны і халаднаваты, то дажджу не будзе.
  • Ноччу няма расы – чакай перамены яснага надвор’я на непагоду.
  • Трайная вясёлка ў час дажджу – увесь тыдзень з дажджамі будзе.
  • Навальніца ў жніўні – да доўгай восені.
  • Калі ў жніўні на дубах шмат жалудоў, будзе добры ўраджай.
  • Жоўтыя лісты ў канцы лета – да ранняй восені.

Комментариев нет:

Отправить комментарий