Чарадзейны верасень
Адспявалі калоссі,
Цяжка нам заўважаць,
Як з’яўляецца восень.
Непрыкметна зусім –
Прыплыве павуцінкай,
Гляне жоўтым лістком
з-пад зялёнай хусцінкі.
Усплыве туманом
Над рачулкаю соннай,
Устрывожыць дымком
3 пахам бульбы пячонай.
Зачаруе агнём
Маладзенькай рабіны,
На адлёце крылом
Памахае бусліным.
А пасля,
А пасля
Ліст апошні сарвецца...
Ды не знаю, чаму
Ты мне, восень, па сэрцу!
П. Броўка
Шасцяць пад нагамі мох і сівец, гараць сіняватыя агеньчыкі верасу на пасецы, над імі бзумкаюць-лётаюць пчолы...
Верасень. Ён мае мудрагелісты нораў, здатны на розныя выдумкі і дзівосы. Гэты месяц адлюстроўвае і лета, і восень. Усе колеры і адценні падабаюцца нам: і аксаміт, і парча, і золата, і яхант, і бурштын.
Адкуль пайшла назва месяца?
Беларускае найменне верасень атрымаў дзякуючы меданоснаму верасу, з якога пчолы бяруць апошнюю ношку нектару якраз у гэты час.
Сімвал восені – жоўты колер. Менавіта з жоўтага лісця пачынаецца яе час. За тое, што ў верасні так многа гэтага яркага колеру, яго завуць жоўцень. Сонечны, залаты ўбор садоў, паркаў і лесу далі назву таму часу, які пачынаецца з сярэдзіны верасня, – пара залатой восені.
Усё часцей пачынае хмурыцца неба. За згасанне сонца і частую хмарнасць верасень атрымаў назву хмурань. Равуном і дажджазвонам яго празвалі за вецер, які часам раве, як звер, і за дажджы-вадалеі.
У верасні становіцца смачнай рабіна. Раней гэта было асабліва паважанае дрэва. Людзі верылі, што яно выратоўвае чалавека ад хвароб і сурокаў. Вялікім грахом лічылася зламаць рабіну. Казалі, што той, хто ссячэ гэта дрэва, сам хутка памрэ.
Яшчэ адно найменне верасня – багач. 21 верасня адзначаецца Раство Багародзіцы, яно супадае са старадаўнім земляробчым святам беларусаў пад назвай Багач, што ладзіцца па заканчэнні жніва.
- Рана пажаўцела на рабіне лісце – чакай ранняй восені і ранняй халоднай зімы.
- Вераснёўскі гром абяцае цёплую восень.
- Калі ў верасні шмат павуціння – чакай яснай і вельмі халоднай зімы.
- Калі ў верасні шмат павуціння, гусі садзяцца, шпакі яшчэ не адлятаюць – восень будзе доўгая і сухая.
- Калі ў верасні лісце на дрэвах трымаецца моцна, чакай позняй зімы.
- Сухі і цёплы верасень – да позняй зімы. Чым ён сушэйшы, тым зіма пазнейшая.
Вершы пра восень
Комментариев нет:
Отправить комментарий