Кастрычнік


Кастрычнік плыве павуцінкай…


Нам гасцінна дзверы
Восень адчыняе,
У залатую казку
Ветла запрашае.
У яе садочку
Яблыкі паспелі,
Пацеркі рабінкі
Зноў зачырванелі.
Косы залацяцца
У вярбы над рэчкай,
I макушка клёна
Палымнее свечкай.
Казку шые восень
Срэбнай павуцінкай,
Мы ідзём у казку
Залатой сцяжынкай...
                      Я. Жабко


   Кастрычнік... Пара самай яскравай размалёўкі лісця, масавага лістападу. У прыродзе ўсё рыхтуецца да зімы. Ідуць працяглыя імжыстыя дажджы, каб наталіць зямлю перад замаразкамі. У небе плывуць ланцужком птушкі. Потым яны перастройваюцца і ўжо ў замкнутым коле працягваюць карагод. Гэта апошнія пробы крыла перад дарогай у вырай.


Адкуль пайшла назва месяца?

   Якраз у гэтым месяцы сяляне калісьці трапалі і часалі каноплі ці лён, ад чаго на зямлю ападала шмат адходаў – кастрыцы. Магчыма, менавіта яна і дала імя сярэдняму "сыну" восені.
   Існуе і такое меркаванне, што сваё найменне месяц атрымаў дзякуючы надзвычайна прыгожаму дрэву рабіне. На фоне залатых лістоў бярозы і кпёна гронкі рабіны, што аранжава-чырвонымі плямамі раскіданы па лесе, асабліва кідаюцца ў вочы. Здаецца, быццам хтосьці распаліў вялізныя кастры.
   Некаторыя ж даследчыкі лічаць, што назва месяца звязана з кастрышчамі на сялянскіх агародах пасля збору ўраджаю, калі спальвалася рознае смецце, сухі бульбоўнік.



Аднойчы,
Як сонейка з мораку выйшла,
Патроху, патроху –
I ўспыхнула вішня.
На вецці агонь утварыўся
I рушыў –
Глядзіце:
Ужо загарэлася груша!
Агонь –
Ён заўжды мітусліва-імклівы.
За грушай услед
Заірдзелася сліва.
I вось ужо зырка,
Таму што сухая,
Рабіна на ўзбочку
Ваўсю палыхае.
                      М. Дукса



Азбука народнай мудрасці



Кастрычніцкія прыкметы
  • Калі ў першыя дні кастрычніка з вышыні даносіцца звонкі кліч гусіных і жураўліных чарод, трэба чакаць хуткага прыходу доўгай і халоднай зімы.
  • Калі гусі і жураўлі не спяшаюцца пакінуць родныя мясціны, сцюжа не хутка наступіць, а зіма будзе кароткай.
  • Калі жураўлі ляцяць высока, то зіма яшчэ далёка.
  • Гром у кастрычніку – зіма без снегу, а навальніца кліча зіму марозную.
  • Калі да паловы кастрычніка лісце з бярозы не апала, то снег ляжа позна.
  • Хуткі лістапад – суровая зіма.
  • У кастрычніку бярозы і дубы стаяць чыстыя, усе лісты абсыпаліся долу – зіма будзе цёплая, калі ж шмат сухога лісця вісіць – зіма будзе позняя і суровая.
  • Не выпадзе снег у першай палове кастрычніка – не будзе яго i да сярэдзіны студзеня.
  • Які Пакроў па надвор’і – такая будзе і зіма.


Што адбываецца ў прыродзе?



Вершы пра восень



Чытаем разам



Загадкі пра птушак


Комментариев нет:

Отправить комментарий