"Гасцінна зіму сустракае прырода…"
Згубілася сонейка
У вышыні,
I сталі
Такімі маленькімі дні.
Адшапацеў,
Адляцеў лістапад.
Сняжком прыцярушыла сцежку
У сад.
Стаіліся сосны ў бары.
Вербалоззе
Дрыжыць сіратліва
Пры першым марозе.
Гасцінна зіму
Сустракае прырода –
Рукою падаць ёй
Да Новага года.
Хоць сонца няма,
А ніхто не ў самоце.
Змяняецца год,
Як цукерка ў роце.
М. Дукса
Пасля маркотных і пахмурных асенніх дзён прыйшоў першы месяц зімы, месяц першых белых сцяжынак.
Адкуль пайшла назва месяца?
Дарожкі і сцежкі занесла віхура, не распазнаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар. Снег сыпле без стомы і перапынку, накідвае белыя шубы на плечы дубам і ўбірае ў карункі гронкі рабіны. Ад белага колеру радасна вачам. Лясы, палеткі і лугі ўхутаны снежнай коўдрай. Амаль паўсюдна ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва, таму беларускае найменне першага зімняга месяца – снежань.
Сонца схавалася за хмары, настаў час пахмурнага неба і ранняга змроку. Часам снежань называюць просінцам – у халодным небе не-не дый прагляне блакітная просінь. А яшчэ снежань – ветразвон, прыбярыха, марозныя вароты зімы.
Азбука народнай мудрасці
Снежаньскія прыкметы
- Ранішняя снежаньская зара хутка гасне – на холад, а калі чырванее – чакай снегападу.
- Барвова-чырвоная снежаньская вячэрняя зара – да мяцеліцы.
- Вераб’і дружна зацырыкалі, вароны з дрэва на дрэва чародамі пералятаюць – да адлігі.
- Чырвонымі ягадамі рабіна красуе – да марознай, снежнай зімы.
- У снежні вялікі іней, гурбы снегу і глыбока прамерзлая зямля – на добры ўраджай.
- Месяц свеціць ярка – чакай яснага, марознага дня.
- Туманнае кола вакол месяца – да адлігі.
Вершы пра зіму
Чытаем разам
Комментариев нет:
Отправить комментарий